16 ліпеня – Дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі
Святлана Ціханоўская абвясціла 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі. Менавіта ў гэты дзень год таму Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала абвясцілі аб’яднанне штабоў трох кандыдатаў у прэзідэнты.
Аб’яднанне трох моцных беларусак было неверагодна натхняльнай падзеяй перад выбарамі 2020 года. Пасля нядопуску двух з трох галоўных кандыдатаў і жорсткіх затрыманняў на стыхійных акцыях 14 ліпеня ўтварылася эмацыйная яміна. Але аб’яднанне Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала стала пераломным момантам. Мы, беларусы, зразумелі, што ў нас ёсць сілы на тое, каб набраць неабходную для перамогі колькасць галасоў на выбарах. А тры жанчыны сталі вызначальнымі фігурамі і сімваламі барацьбы за свабоду цэлай краіны.
Другой знакавай падзеяй стаў выхад беларускіх жанчын у белым на плошчу каля Камароўскага рынку 12 жніўня. “Упэўнены, менавіта беларускі, якія выйшлі тады пасля трох дзён беспрасветнага жаху, сталі магутным каталізатарам для статысячных маршаў, якія пачаліся з 16 жніўня”, – заявіў прэс-сакратар НАУ Максім Паршута.
Як падтрымаць Дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі?
· Вазьміце ўдзел у акцыі “Кветкі надзеі” у Беларусі: раздрукуйце публічны ліст кагось з жанчын-палітвязняў і пакладзіце яго разам з кветкай у паштовую скрыню суседа;
· напішыце ліст жанчынам Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні па палітычных справах;
· запішыце відэа ці зрабіце пост на знак салідарнасці з беларускамі;
· падзякуйце блізкім вам беларускам за сілу і ўнёсак у будучыню краіны.