Дзякуючы супольнасці *Сумленныя людзі мы ўжо ведаем, што часам для таго, каб дзяржпрадпрыемства ператварылася са стратнага ў прыбытковае, дастаткова аднаго тэлефанавання з адміністрацыі. Але чараўніцства з лічбамі адбываецца і пасля таго, як дадзеныя трапляюць у Белстат.

Сумленныя чыноўнікі з дапамогай праекту “Дыялог з народам” распавялі пра асноўныя спосабы перайначвання інфармацыі, якімі карыстаецаа Белстат.

1.      Узбуйненне відаў дзейнасці: дадзеныя становяцца несупастаўляльнымі і не паддаюцца аналізу.

2.      Утойванне дадзеных асобных кампаній: справаздачнасць кампаній з санкцыйных спісаў не даступная ні выканкамам, ні пракуратуры, ні дзяржкантролю.

3.      Перайначванне першасных дадзеных: унясенне змен у дадзеныя праз адміністрацыйны ціск з мэтай стварэння ўражання павышанай эфектыўнасці.

4.      Змена формаў справаздачнасці: павелічэнне мэтавых паказчыкаў праз уключэнне ў іх дадатковых катэгорый.

Гэта ўсё мы атрымліваем замест сумленнай і празрыстай статыстыкі, пра якую гаворыцца ў законе «Аб дзяржаўнай статыстыцы». Там сказана, што Белстат задавальняе патрэбы грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі. Але і тут, мабыць, не да законаў. Хоць мы дакладна ведаем: у дзяржаўных органах працуе шмат сумленных беларусаў.

Супрацоўнікі дзяржаўнага кіравання могуць далучыцца да праекту “Дыялог з народам” і аб’яднацца з іншымі сумленнымі службоўцамі, каб краіна хутчэй выйшла з крызісу.

Крыніца: НАУ